КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,

від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.

Публ.: Веснавыя песні. Мн., 1979.

Літ.:

Беларускі фальклор у сучасных запісах. Мн., 1973.

Р.М.Кавалёва.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)